12.02.2018
А мы Масленіцу сустракалі…

У гэтым годзе мы будзем святкаваць Масленіцу с 12 па 18 лютага.

Масленіца – гэта гарэзлівае і вясёлае развітанне з зімой і сустрэча вясны, якая нясе ажыўленне прыродзе і сонечнае цяпло. Людзі спрадвеку ўспрымалі вясну, як пачатак новага жыцця і шанавалі Сонца, якое дае жыццё і сілы ўсяму жывому. У гонар Сонца спачатку пяклі праснакі, а калі навучыліся гатаваць цеста з закваскі, сталі пячы бліны. Нашы продкі верылі, што разам з круглым, румяным бліном, так падобным на сонца, яны з’ядаюць часцінку яго цяпла і магутнасці.

Падчас Масленіцы гулянні працягваліся ўвесь тыдзень.

Панядзелак быў сімвалічным пачаткам тыдневага святкавання: у гэты дзень наладжвалі катанні з гор, майстравалі прылады працы для катання: санкі, коўзанкі і г.д., пяклі бліны. Першы выпечаны ў панядзелак блін быў асобы. Як знак павагі яго неслі ў чырвоны кут – продкам.

Аўторак на Масленічным тыдні працягваў усеагульныя гулянні: з гэтага дня пачыналі хадзіць адзін да аднаго ў госці, дарослыя разам з дзецьмі каталіся з гор.

Серада на Масленічным тыдні – “Разгул, Лакамка”

На працягу ўсяго Масленічнага тыдня ў дачыненні да нежанатых хлопцаў паўсюды выконвалі рытуальнае дзеянне: як усеагульнае пакаранне ім навешвалі “калодкі” (драўляныя калоды, паясы, стужкі і г.д.). Той, хто хацеў збавіцца ад пакарання, павінен быў “заплаціць” вялікі адкуп” – блінцамі, цукеркамі, сырам і г.д.

Чацвер на Масленічным тыдні называўся Крывы, Тлусты.

У гэты, як і ў кожны дзень тыдня, пяклі блінцы. Але ў чацвер пачыналі з таго, што пяклі аладкі для сваёй каровы, каб яна была такой жа “гладкай і тлустай”. Кармілі блінамі і астатнюю дамашнюю жывёлу.

Пятніца працягвала святкаванне: аднавяскоўцы наведвалі сваіх родзічаў, дзеці бавіліся на ледзяных горках.

Субота. У суботу і нядзелю моладзь каталася на конях, упрыгожаных стужкамі, званочкамі і шамкамі. Усюды гучалі песні, якія ўсхвалялі Масленіцу.

Масленіца заканчвалася выдатным хрысціянскім звычаем прасіць адзін у аднаго прабачэння ў Даравальную нядзелю. Прасіць прабачэння трэба ва ўсіх, нават не адчуваючы віны. А ў адказ неабходна казаць: “Бог даруе”.